Прывітальнае слова епіскапа Слуцкага і Салігорскага Антонія да ўдзельнікаў навукова-практычнай канферэнцыі “Беларусь, Нясвіжскі край і Эдвард Вайніловіч”

top.jpgВысокашаноўны Іван Іванавіч!

Дарагія браты і сёстры!

Сардэчна вітаю вас з нагоды пачатку навукова-практычнай канферэнцыі “Беларусь, Нясвіжскі край і Эдвард Вайніловіч”.

Канферэнцыя, прысвечаная спадчыне вядомага грамадскага дзеяча XIX-XX стагоддзяў, сабрала разам прадстаўнікоў дзяржавы, акадэмічнай навукі, традыцыйных Цэркваў, творчай інтэлігенцыі і прадпрымальніцкіх колаў. Лічу, што асоба Эдварда Вайніловіча — арыстакрата, гаспадара, хрысціяніна і патрыёта — заслугоўвае светлай памяці беларусаў. Упэўнены, што ўдзельнікі сённяшняй сустрэчы не абмяжуюцца абмеркаваннем мінулага, але з апорай на гістарычны грунт выкажуць ідэі, прыдатныя да ўвасаблення ў сучасных рэаліях нашай краіны.      

У бягучым годзе адзначаецца 430-годдзе з дня нараджэння княгіні Сафіі Радзівіл — святой праведнай Сафіі Слуцкай. Звяртае на сябе ўвагу тое, што пры ўсёй відавочнай розніцы паміж жыццёвымі шляхамі княгіні-праведніцы Сафіі і Эдварда Вайніловіча ёсць пэўнае падабенства. Імёны абодвух звязаны з Нясвіжам, Слуцкам і Мінскам. Абодва зазналі боль страты дзяцей. Абодва годна неслі свой крыж, былі прыхільнікамі свабоды сумлення, ахвяравалі свае сілы і магчымасці на служэнне бліжнім.

Эдвард Вайніловіч быу сынам Рымска-Каталіцкага Касцёла. На Нясвіжскай зямлі стагоддзямі жывуць побач праваслаўныя і католікі. Шчыра спадзяюся, што стасункі паміж вернікамі дзвюх канфесій будуць і надалей развівацца ў тым жа духу міру і згоды, які мы, слава Богу, назіраем зараз. Будзем натхняцца словамі супольнай Заявы Патрыярха Маскоўскага Кірыла і Папы Рымскага Францыска: “Праваслаўныя і католікі аб’яднаныя не толькі агульным Паданнем Царквы першага тысячагоддзя, але і місіяй пропаведзі Евангелля Хрыстовага ў сучасным свеце. <…> Мы не сапернікі, а браты: з гэтага разумення мы павінны зыходзіць ва ўсіх нашых дзеяннях у дачыненні адзін да аднаго і да знешняга свету”.

Жадаю плёну ўсім удзельнікам канферэнцыі. Заклікаю Божае благаславенне на працу айчынных гісторыкаў, галоўнай задачай якіх з’яўляецца высвятленне праўды.

З любоўю ў Хрысце

+ Антонiй,

епіскап Слуцкі і Салігорскі

26 жніўня 2016 года