Прывітальнае слова епіскапа Слуцкага і Салігорскага Антонія да ўдзельнікаў XXVI рэспубліканскага з’езда пчаляроў у Салігорску
Дарагія браты і сёстры!
Вітаю вас з нагоды сённяшняй урачыстай сустрэчы і выказваю шчырую падзяку арганізатарам за прыхільнае, сяброўскае стаўленне да Праваслаўнай Царквы.
Пчалярства — гэта глыбока традыцыйнае рамяство. Ва ўсходнехрысціянскай культуры пчала з’яўляецца сімвалам працалюбства, руплівасці, а часам і духоўнага подзвігу. Гэтая метафара знайшла адлюстраванне і на нашай роднай беларускай глебе. Нездарма “Жыціе прападобнай Еўфрасінні Полацкай”, напісанае ў XII стагоддзі, кажа, што святая князёўна-ігумення “складала думкі добрыя ў сэрцы сваім, як пчала мёд”.
У сучасным тэхнакратычным свеце пчалярства ўяўляе сабой каштоўнасць як узор цеснага кантакту чалавека і жывой прыроды — стварэння Божага. Варта зазначыць, што Царква заклікае людзей не эксплуатаваць прыроду, сілай беручы ў яе ўсё патрэбнае, а “супрацоўнічаць” з ёю дзеля атрымання плённага здабытку. Паводле думкі святога Максіма Вызнаўцы, чалавек, які носіць рай у сваёй душы, можа ператварыць у рай усю зямлю (параўн. Асновы сацыяльнай канцэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы, XIII.4).
Дарагія браты і сёстры, жадаю вам здароўя, міру, дабрабыту, поспехаў у вашай прыгожай працы. Упэўнены, што ваша дзейнасць не толькі адыгрывае значную ролю ў нацыянальнай гаспадарцы, але і спрыяе прэстыжу Беларусі ў міжнароднай пчалярскай супольнасці.
Божае благаславенне няхай будзе з усімі вамі!
З глыбокай павагай
+Антоній,
епіскап Слуцкі і Салігорскі
Салігорск, 26 лютага 2016 г.