Яшчэ раз пра веравызнанне святой Сафіі Слуцкай
Святая Сафія Слуцкая — адна з самых шанаваных святых Беларускай Праваслаўнай Царквы. Два гады таму Царква адсвяткавала 400-годдзе яе праведнага спачыну і заснавала ордэн, названы яе імем. У мінулым годзе быў зацверджаны тэкст службы, складзенай у яе гонар. А колькі культурных і навуковых мерапрыемстваў было праведзена з нагоды яе памяці! Вобраз гэтай самаадданай жанчыны з нялёгкім лёсам аказаўся адмыслова блізкім нашым суайчыннікам. Менавіта таму ў некаторых неспакушаных сэрцах «навіны» пра тое, што яна нібыта была каталічкай, адгукнуліся асаблівым непакоем і зразумелым хваляваннем.
У гэтай сітуацыі, мяркую, трэба зрабіць некалькі заўваг, каб патлумачыць, якім чынам праваслаўны бок бачыць праблему. Натуральна, тое, што будзе сказана ніжэй, не прэтэндуе на «звышнавуковасць», аднак тэму навуковасці асобных «сенсацыйных» заяў адносна князёўны Сафіі ўсё ж трэба закрануць.
Напачатку бягучага стагоддзя ў актыўны ўжытак свецкіх беларускіх гісторыкаў уводзіцца некалькі дакументаў, дзе гаворыцца, што вера князёўны была «католицкой» і нават «римской», а таксама з якіх вынікае, што аб дазволе на шлюб князёўны прасілі Папу Рымскага і г.д. Між тым царкоўная прыналежнасць у дадзеным выпадку павінна вызначацца не цытатамі з асобных крыніц, а вывучэннем усіх сведчанняў аб жыцці праведнай Сафіі аж да яе спачыну.
Сама Сафія не пакінула пасля сябе тэалагічных твораў, на падставе якіх мы маглі б атрымаць вычарпальны адказ на пытанне аб яе веры, таму нам давядзецца шукаць адказы ў абставінах яе жыцця з улікам спецыфікі той эпохі.
Сафія Слуцкая (†1612) жыла ў смутны для Беларусі час, калі беларуская культура, мова і нават сама вера беларусаў — Праваслаўе — выцясняліся польскай культурай і каталіцтвам. Каталіцызм з’яўляўся афіцыйнай пануючай канфесіяй Рэчы Паспалітай. Шмат якія беларускія спрадвеку праваслаўныя шляхецкія роды прымалі каталіцтва, кіруючыся чыста прагматычнымі матывамі: каталіцкае веравызнанне спрашчала заняцце ўрадавых пасад, садзейнічала збліжэнню з польска-літоўскімі элітамі, давала прававыя прывілеі і г.д. У 1596 годзе з удзелам польскіх улад была заключана Брэсцкая царкоўная унія, пасля чаго Праваслаўная Царква наогул была абвешчана неіснуючай на тэрыторыі Рэчы Паспалітай і цярпела пераслед. Гэта справакавала шматлікія пратэсты беларускага насельніцтва, якія перайшлі потым у працяглую народную барацьбу за захаванне сваёй спрадвечнай традыцыі і ідэнтычнасці, што доўжылася не адно стагоддзе.
Святая Сафія нарадзілася ў сям’і праваслаўнага князя Юрыя III Юр’евіча Алелькавіча і каталічкі Барбары Кішкі. Гісторыя не захавала дакументаў, дзе б штосьці згадвалася пра ўмовы хрышчэння князёўны, аднак, згодна з некаторымі пазнейшымі сведчаннямі, ахрысціў Сафію духаўнік князёў Слуцкіх, праваслаўны святар Малафей Стэфановіч. Ніякіх дакументаў, якія б сведчылі пра каталіцкае хрышчэнне Сафіі, няма, таму няма ніякіх падстаў і для пераасэнсавання традыцыйнага пункту погляду.
Аднак, рана асірацеўшы, Сафія сапраўды аказваецца пад моцным каталіцкім уплывам, таму што яе апекуны былі каталікамі (дарэчы, Юрый і Іеранім Хадкевічы — акаталічаныя прадстаўнікі старажытнага праваслаўнага роду, які ў мінулым аказваў вялікую дапамогу Праваслаўнай Царкве). Права бацькоў (ці апекуноў) выхоўваць дзяцей згодна са саваімі рэлігійнымі ідэаламі — неад’емнае права, норма якога актуальная, на наш погляд, і сёння. Вядома, што Сафію з малалецтва навучалі польскай мове, і да яе быў нават прыстаўлены ксёндз.
Трэба адзначыць і тую важную акалічнасць, што ў 1596 годзе ў Рэчы Паспалітай была абвешчана царкоўная унія. Уніяты часта называліся каталікамі (паводле сведчання ўніяцкага Полацкага епіскапа Ясафата Кунцэвіча ў лісце да канцлера Льва Сапегі). Указанне на праваслаўнае веравызнанне ў важных юрыдычных дакументах таго часу, калі гаворка ішла пра апякунства і спадчыну, магло даць падставу для дадатковых судовых разбораў, для пазбаўлення дакументаў сапраўднай юрыдычнай сілы. Тэксты ад імя князёўны складаліся яе апекунамі-каталікамі, і апошнія маглі надаваць ім зручны для сябе сэнс.
Ды і сама князёўна, якая не жадала, каб яе аддалі замуж, магла паведамляць пра сябе самыя розныя факты — змяншаючы адны, перабольшваючы іншыя (асабліва калі яе «волю» пераказвалі прадстаўнікі). Калі яна не хацела замуж за кальвініста Радзівіла, то абсалютна лагічна з яе боку было ўказаць на тое, што яна належыць да Каталіцкага Касцёла, з якім кальвіністы знаходзіліся ў адмысловай варожасці. Да таго ж і «юрыдычна» на той момант яна належала да каталіцкай сям’і.
Дарэчы, некаторыя гісторыкі звяртаюць увагу на тое, што дакумент ад 6 лютага 1600 года, дзе выказваецца пазіцыя князёўны адносна шлюбу, складзены са слоў Сафіі, аднак подпіс яе, які б пацвярджаў сказанае, у дакуменце адсутнічае, хоць князёўна Сафія на момант складання дакумента ўжо была паўналетняй, г.зн. юрыдычна правамоцнай.
Варта падкрэсліць, што, дасягнуўшы паўналецця, Сафія часам рэзка мяняе рашэнні, прынятыя ад яе імя апекунамі, на супрацьлеглыя. І ў пытаннях, што датычаць рэлігіі, мы бачым гэта перш за ўсё!
Напрыклад, ёсць дакументальная згадка пра ахвяраванне князёўны каталіцкаму храму ў Бранавіцах, зробленае ёю яшчэ ў непаўналетнім узросце, а таму падпісанае Хадкевічамі. Аднак гэтае ахвяраванне пасля выхаду князёўны з апекі і яе шлюбу было анулявана як здзейсненае непаўналетняй асобай — па патрабаванню яе мужа і са згоды самой княгіні (а калі судзіць паводле таго, як развіваліся яе стасункі з Праваслаўнай Царквой, то і па яе шчыраму жаданню).
Пасля таго як Сафія пагадзілася на шлюб, некаторыя аб’ектыўныя перашкоды да яго засталіся: розніца канфесій і сваяцтва. Натуральным у такой сітуацыі было тое, што Радзівіл піша ліст Папу — усе фармальныя падставы для гэтага ён меў.
Калі дапусціць, што просьба Радзівіла ў Рым была накіравана і дазвол на шлюб быў атрыманы (на гэты конт няма ніякіх сведчанняў), то як патлумачыць сцвярджэнне Барташэвіча са спасылкай на рукапіс, які ў яго маецца, што князь Януш і князёўна Сафія вянчаліся ў праваслаўнай замкавай царкве Брэста? Мяркуецца, што не інакш як тым, што гэтага захацела сама Сафія.
Неабходна ўлічыць інтарэсы бакоў, якія вырашалі лёс Сафіі. Справа ішла аб велізарнай маёмасці — князёўна была самай багатай нявестай свайго часу! Апекуны ці не літаральна гандлявалі князёўнай, жадаючы выменяць яе шлюб на скасаванне вялізнага доўгу. У рэчышчы шлюбнай гісторыі Сафіі вырашаліся пытанні міру і грамадзянскага дабрабыту цэлага рэгіёна! У такой сітуацыі магчыма з’яўленне самых розных дакументаў, якія змяшчаюць інфармацыю самай рознай ступені праўдзівасці.
Святая Сафія — не тэолаг, таму перадусім пра яе рэлігію нам сведчаць яе справы. Як толькі князёўна, дасягнуўшы паўналецця, уступае ў свае правы, яна адразу выяўляе адданасць Праваслаўю ў сваёй гатоўнасці абараняць правы праваслаўных, якія асабліва жорстка зневажаліся пасля абвяшчэння царкоўнай уніі.
Муж Сафіі Радзівіл усяляк дапамагаў сваёй жонцы і падтрымліваў яе. У гэтым, канешне ж, было не толькі банальнае выкананне просьбаў каханай жанчыны — у гэтым раскрываўся дух грамадзянскага саюзніцтва паміж праваслаўнымі і пратэстантамі таго часу, якія выступалі адзіным фронтам у адстойванні сваіх правоў перад абліччам агульнага ворага. І, хоць праз некаторы час уніяты здолелі здабыць кантроль над слуцкімі цэрквамі, Радзівіл на падставе спецыяльнага загада вярнуў храмы праваслаўным. Захаваўся ліст уніяцкага мітрапаліта Іпація Пацея да Мікалая Радзівіла Сіроткі са скаргай на князя Януша, што той пад уплывам маладой жонкі выгнаў са слуцкага Свята-Троіцкага манастыра мітрапалічага прадстаўніка і ўзяў абіцель пад сваю ахову. Як бачым, уніяцкі мітрапаліт тлумачыць учынак Януша Радзівіла прамым уплывам яго жонкі Сафіі Слуцкай.
І надалей княгіня Сафія з мужам прымала жывы ўдзел у царкоўных справах. Праведная княгіня пераканала мужа выклапатаць у караля грамату аб забароне ў іх уладаннях гвалтоўна прымушаць праваслаўных да уніі.
Разам з мужам Сафія вяла актыўную дабрачынную дзейнасць у дачыненні да праваслаўных храмаў. Яна сваімі рукамі вышывала святарскія рызы ў дар цэрквам, і гэтыя рызы захоўваліся да пачатку ХХ стагоддзя і апошні раз апісваліся ў 1903 годзе.
Мы бачым, што не толькі Сафія дзейнічае ў інтарэсах праваслаўных, але і каталікі не спяшаюцца даваць ацэнкі яе антыкаталіцкім дзеянням як супярэчным яе веры — г.зн., яны зыходзяць з таго, што яна не каталічка. Інакш цяжка патлумачыць адсутнасць якіх бы то ні было кананічных сродкаў уціску на княгіню з боку Касцёла.
Пасля смерці Сафія была пахавана не дзесьці, а менавіта ў праваслаўным храме Троіцкага манастыра. Пазней пры садзейнічанні праваслаўнага мітрапаліта Пятра Магілы ў памяць княгіні Сафіі ў Кіева-Пячэрскай лаўры побач з трунамі князёў Слуцкіх была ўсталявана надмагільная пліта з эпітафіяй. У эпітафіі прама гаворыцца, што Сафія «благоверная» — што ў абставінах яе пахавання не можа не ўказваць на яе Праваслаўе.
Традыцыя ўшанавання Сафіі Слуцкай мае глыбокія карані ў асяроддзі праваслаўных беларусаў. Яе пачатак звязаны з адкрыццём нятленных мошчаў святой Сафіі — дакладны час гэтай падзеі невядомы, але яна мела месца па меншай меры не пазней за пачатак XIX стагоддзя. Вядомы цэлы шэраг цудаў і ацаленняў, якія адбываліся ля мошчаў княгіні і па малітве да яе. Ужо ў канцы ХVIII стагоддзя настаўнік Слуцкай духоўнай семінарыі іераманах Маркіян склаў кнігу «Чудеса Благоверной Слуцкой Княгини Софии Олельковны, мощами своими в Слуцком Свято-Троицком монастыре нетленно почивающей».
А вось некалькі выпадкаў дапамогі святой Сафіі Слуцкай з нядаўняга часу. Пра адзін з іх распавяла схіманахіня Сафія (†2006), якая несла ў Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы послух у ракі з мошчамі святой. Аднойчы яна ўбачыла ў храме жанчыну з дзяўчынкай, жанчына плакала. Жадаючы суцешыць незнаёмку, схімніца разгаварылася з ёй і даведалася, што яе дачка безнадзейна хворая на белакроўе і няма ніводнага шанцу на папраўку. Тады схіманахіня зняла пакрывальца са святых мошчаў праведнай Сафіі, пакрыла ім дзяўчынку і памалілася. «Паправіцца», — сказала яна гаротнай маці і запаведала маліцца святой Сафіі. А праз нейкі час пры чарговым абследаванні ўрачы засведчылі поўнае ацаленне дзяўчынкі!
Па дапамогу да праведнай Сафіі звяртаюцца жанчыны, якія рыхтуюцца стаць маці. Жыхарка Слуцка Людміла расказвала, што тры гады не магла завесці з мужам дзяцей. Урачы выявілі пухліну, пры якой, як ёй сказалі, яна не зможа зацяжарыць. Неабходна было рабіць аперацыю. І Людміла вырашыла прасіць дапамогі ў праведнай Сафіі Слуцкай, да якой нярэдка звярталася ў малітвах, прыязджаючы на вучобу ў Мінск. Пры гэтым дала абяцанне, што калі народзіцца дачка, то назаве яе Сафіяй. Неўзабаве кабета даведалася, што ў яе будзе дзіця, але ўрачы па-ранейшаму настойвалі на аперацыі. Аднак Людміла адмовілася ад хірургічнага ўмяшальніцтва, спадзеючыся на малітоўную дапамогу і заступніцтва святой Сафіі. У лютым 2010 года яна нарадзіла дзяўчынку — Сафію, а пасляродавае абследаванне паказала, што пухліна знікла.
Нямала ёсць сведчанняў і пра тое, што святая праведная Сафія дапамагае наладзіць сямейныя адносіны, якія пахіснуліся.
Святая праведная Сафія, малі Бога аб нас!
Епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній