Епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній павіншаваў жыхароў Слуцка з 900-годдзем заснавання горада.

01 октября 2016

top.jpg

Прывітальнае слова епіскапа Слуцкага і Салігорскага Антонія

з нагоды 900-годдзя горада Слуцка

 

Узлюбленыя ў Хрысце жыхары Слуцка!

Сардэчна віншую вас з 900-годдзем нашага роднага горада.

Нам пашчасціла жыць у месцы, дзе адчуваецца подых гісторыі. Князі Алелькавічы, былыя валадары Слуцка, здабылі для горада славу, якая дайшла да нашых часоў. Анастасія, удава князя Сямёна Алелькавіча, асабіста кіравала абаронай горада падчас татарскіх набегаў і міласцю Божай мела поспех у ратнай справе. Юрый, праўнук Анастасіі, уласнаручна перапісаў і ахвяраваў Троіцкаму мужчынскаму манастыру Евангелле, якое пазней атрымала ў навуковым ужытку назву “Слуцкае” і было прызнана шэдэўрам старабеларускага мастацтва рукапіснай кнігі. Сафія, дачка князя Юрыя і жонка магната Януша Радзівіла, дасягнула святасці, зрабіўшы Слуцк цэнтрам Праваслаўя на Белай Русі. Народ запомніў, як княгіня Сафія пешшу хадзіла маліцца ў далёкія ад яе рэзідэнцыі храмы, як сама вышывала святарскія рызы, як дапамагала бедным. Святая развіталася з зямным жыццём у 26 гадоў. Яе нятленныя мошчы сталі крыніцай шматлікіх ацаленняў, пацверджаных дакументальна.

Добрае імя Слуцку стваралі не толькі князі, але і простыя працоўныя людзі, безыменныя майстры. Перакананы, што мясцовым жыхарам уласціва асаблівае пачуццё прыгажосці. Інакш не было б знакамітых слуцкіх паясоў, не было б і той адзнакі, якую далі Слуцку дарэвалюцыйныя гісторыкі, назваўшы яго горадам-музеем драўлянага дойлідства.    

ХХ стагоддзе стала часам выпрабаванняў і для беларускага народа, і для Праваслаўнай Царквы, і для Слуцка ў прыватнасці. Быў узарваны велічны сабор свяціцеля Мікалая Цудатворца, разрабаваны Троіцкі манастыр, з 15 старажытных слуцкіх храмаў застаўся толькі адзін. Мошчы святой Сафіі Слуцкай трапілі ў Мінск. Знікла ікона Пакрову Божай Маці, якая была сямейнай святыняй Алелькавічаў. Спіс страчанага можна доўжыць…

Але, дзякаваць Богу, аднаўляецца парваная некалі повязь часоў. Знойдзена Слуцкае Евангелле, якое, паводле аповеду сведкаў, цудам пазбегла спалення і было ўратавана літаральна з агню. З благаславення Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла на Слуцкую зямлю прынесена частка святых мошчаў праведнай Сафіі Слуцкай — левая ступня. Побач з гэтай святыняй у нядаўна заснаваным Сафійскім жаночым манастыры ўсталявана ікона Пакрову Прасвятой Багародзіцы, напісаная на Святой Гары Афон.

У той жа Сафійскай абіцелі знаходзіцца ўнікальная рэліквія — копія Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай, створаная дзеля ўслаўлення жаночай святасці.

Так склалася, што жанчыны сыгралі значную ролю ў станаўленні беларусаў як нацыі. Мужчынскае насельніцтва Белай Русі век за векам несла страты ў бясконцых войнах, і краіна адраджалася дзякуючы цяжкай працы жаночых рук. Таму ёсць асаблівы сімвалізм у тым, што самыя вядомыя постаці ў Саборы Беларускіх святых — жаночыя. Еўфрасіння Полацкая і Сафія Слуцкая далі прытулак Хрысту ў келлях сваіх сэрцаў. На зямлі яны зрабілі шмат для асветы народа і прымірэння ворагаў, а зараз, адышоўшы ў вечнасць, моляцца за нас.     

Да 900-годдзя Слуцка прымеркаваны пачатак будоўлі храма прападобнага Паісія Святагорца на Магістральнай вуліцы. Гэты храм будзе помнікам слуцкім драўляным цэрквам, знішчаным падчас ліхалецця. Малітоўна спадзяюся, что з цягам часу каля сцен храма святога Паісія паўстане адноўлены Мікалаеўскі сабор.  

Слуцк — горад з яркім мінулым. Ад нас залежыць, якой стане яго будучыня.

Да кожнага з вас, дарагія мае, звяртаюся словамі Святога Пісання: Абяры жыццё, каб жыў ты і нашчадкі твае (Другазаконне 30: 19). Каб наша зямля квітнела пад сонцам Божай благадаці, мы павінны захаваць бясцэнныя духоўныя каштоўнасці, якія атрымалі ў спадчыну ад продкаў, і перадаць наступным пакаленням.

Жадаю вам веры, надзеі і любові, якія ў сукупнасці ўтвараюць вышэйшую мудрасць — Сафію.

Пакроў Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі няхай ахоўвае ўсіх вас.

З благаславеннем

+ Антоній,

епіскап Слуцкі і Салігорскі